Актыўны блогер, прадпрымальнік Андрэй Кабанаў пасьля падарожжа на поўдзень Расеі вярнуўся з перакананьнем: нельга «яднацца» з краінай, якая імкліва скочваецца ў бездань дэградацыі.
Амаль 4 тысячы кілямэтраў Андрэй Кабанаў праехаў, як кажа сам, дзеля ўласнай цікаўнасьці. Дагэтуль падарожнічаў па Ўкраіне, цяпер на ўласныя вочы захацелася пабачыць, што творыцца зь іншага боку барыкадаў.
«Каб быць дакладным, туды-назад праехаў 3800 кілямэтраў. То бок праз поўную разруху да Варонежа і далей да Таганрогу, самага поўдня. Адразу скажу: вядома, не хацелася б трапіць у такое Дэбальцава-без-вайны. Бо калі што і засталося жывое, то літаральна пара прыватных падворкаў. Відаць, што людзі майго веку яшчэ нечым займаюцца. Усё астатняе разабрана, расьцягнута; нічога не пераарана, ніякіх сельгаспрацаў не назіраецца. Да Варонежа, лічы, выпаленая зямля, пасьля ўжо крыху лягчэй — на поўдні ў станіцах хоць нешта адбываецца. Азоў, Таганрог, Растоў у сэнсе сельскай гаспадаркі выглядаюць больш-менш прыстойна. А зьвернеш увагу на назвы — Кагальніцкая ды іншыя — дык скрозь татарскія. Я нават мясцовым казакам казаў: хлопцы, гляньце на мапу, тут жа нічога рускага! Сядзяць мужыкі, чэшуць свае чубы казацкія, чаму гэта ў іх так».
Паводле суразмоўцы, уражаньні ад расейскіх рэаліяў пачаліся адразу ж пасьля перасячэньня мяжы: многія мясьціны гарэлі адкрытым полымем.
Ня маючы звычкі добраўпарадкаваць што прыватныя, што дзяржаўныя надзелы ў сэзон, самым разумным многія лічаць спаліць усё, што пасохла:
«Шмат тут спрэчак апошнім часам. Крычаць: „Бранск — наш“, „Смаленск — наш“. А навошта яны нам? Усё разбурана, даведзена да ручкі. Вязьма — увогуле жах. Стаіць тэхніка ў закінутых калгасах, ці як іх там назваць, а праз кабіны трава расьце.
Узялі моду ўсё навокал паліць: уздоўж дарогі ўсё ў дыме, усё гарыць, і досыць высокім агнём. З восені як стаялі бадылі няскошаныя ў чалавечы рост, так яны і перазімавалі. А цяпер усё паляць: гарыць удзень і ўначы, вялікія плошчы і ў вельмі вялікіх маштабах. Так што неяк нявесела там, як на вайне — адно што пакуль не страляюць. Таму ня ведаю, як тут аб’ядноўвацца. І галоўнае — з кім? Дарогі абмяркоўваць таксама бяз сэнсу, бо аўтамабільных дарог як такіх няма. Выключэньне — хіба траса „Дон“, можна пагадзіцца. Але назад вяртаўся верхам праз Тулу, Калугу — таксама нічога зайздроснага».
Андрэй Кабанаў стараўся збочваць ва ўсе гарады і станіцы, што трапляліся на шляху, каб скласьці максымальна ўцямнае ўражаньне пра настроі жыхароў Расеі. Часьцяком ілюзіі рассыпаліся проста пры ўезьдзе: набліжэньне 70-годзьдзя Перамогі многія наўпрост расцанілі як рэанімацыю «культу асобы». На здымку, зробленым у станіцы Кагальніцкай, — вялізныя партрэты Сталіна і Жукава на ўсю сьцяну будынка. Але гэта зусім не рэкляма чарговага кіно пра вайну:
«Не, сябры-таварышы намаляваныя не на кінатэатры, гэта крама. Дарэчы, рэінкарнацыя Сталіна за апошнія гады там ого-го як паперла. Прычым зь мясцовымі калі пачынаеш гаварыць, яны зусім не даганяюць, што нешта ня так. Кажу: вось вы ўявіце, што прыехалі, скажам, у Нямеччыну, ідзяце па праспэкце Гітлера, паварочваеце на Гэбельса і ўпіраецеся ў вуліцу Бормана. Тут усё прыблізна гэтак жа. Ну і як да вас ставіцца? Прыедуць сюды турысты (калі, канечне, хто-небудзь даедзе па вашых дарогах) — што вы ім пакажаце? Будзеце Сталіным у нос тыцкаць? Зноў жа, усе помнікі — гэта „Т-34“, нейкія артылерыйскія ўстаноўкі. Усё на ваенную тэму. То бок, што ўздоўж дарогі захавалася з помнікаў, — менавіта вось такія: вайна, вайна, вайна».
Адным з найбольшых узрушэньняў для Андрэя Кабанава за ўвесь час падарожжа стала наведваньне могілак у Растове-на-Доне. Асабліва зачапілі магілы зь неапазнанымі целамі, якія на беларускае вока больш нагадваюць бурты з бульбай ці буракамі:
«Паезьдзіў у Растоўскай вобласьці па могілках, моцна кідаецца ў вочы стаўленьне да сваіх памерлых. Сьціплыя помнікі з цынку, у некага надмагільле... з каркасу сеялкі.
Магіла армянаў — вялікая, дагледжаная. Рускі ляжыць пасярод бур’яну. На Растоўскіх паўночных могілках хацеў спраўдзіць інтэрнэтаўскую інфармацыю пра неапазнаныя целы, магчыма, з Данбасу. Шчыра кажучы, такога ўражаньня пасьля размоваў зь мясцовымі „капальнікамі“ ня склалася. Саміх пахаваньняў сапраўды вельмі шмат, белыя таблічкі зь „биоматериалом“, датаваныя 2013–2014 гадамі.
Прыкладам, сустрэў сям’ю, якая знайшла тут сваю дачку. Са слоў міліцыянтаў, загінула ў ДТЗ і зьнікла. Ад леташняга траўня шукалі, амаль год мінуў, і вось знайшлі. Стаялі, аплаквалі... Увогуле, закопваюць людзей, як сабак: ніякіх абрысаў, дзе што пачынаецца і заканчваецца, хаваюць бяз трунаў, проста ў зямлю, зьверху ўтыкаюць таблічку. Выкапалі, закапалі... Чамусьці шмат магіл раскапаных, у многіх глыбокія дзіркі, адтуль смурод валіць, сабакі навокал. Відовішча, канечне, жахлівае...»
На паўднёвых дарогах блогер і падарожнік Кабанаў неаднойчы сустракаў прыкметы суседзтва з зонай канфлікту ў Данбасе. Перадусім гэта тычыцца так званых гуманітарных канвояў і вайсковых машын, пацярпелых яўна не ў дарожных здарэньнях:
«Езьдзіў шмат, заяжджаў у Азоў, Казачы Дон, у іншыя месцы, дык сапраўды на дарогах адчуваецца пэўны рух. І калі на нумарах 21-га рэгіёну едуць машыны Каўкаскай ваеннай акругі, то яны звычайна чыстыя, а як пэрыядычна трапляюцца грузавікі з марыюпальскай ці данецкай трасаў, дык усе ў брудзе. Ідуць, як правіла, паасобку. Дзе зьезд з Растова на Марыюпаль, цягнулі разьбіты „гумканвоеўскі“ КамАЗ, яўна не пасьля ДТЗ (на жаль, на вялікай хуткасьці быў, не пасьпеў рэгістратар супраць сонца выхапіць). А кілямэтраў за 200 да Растова бачыў, як у суправаджэньні паліцэйскіх машын зь мігалкамі рухаўся гуманітарны канвой. Таксама сустрэў пару плятформаў — везьлі нейкія калымагі кшталту „Газэляў“, расфарбаваных у камуфляж. Таксама разьбітыя».
Размовы зь мясцовымі, як кажа Андрэй, клеяцца туга. Абсалютная бальшыня замбаваная фэдэральнымі тэлеканаламі, аналізаваць самастойна развучыліся, мысьляць стэрэатыпнымі штампамі:
«Дамаўляемся: не гаворым пра палітыку. І пачынаем размаўляць пра расейска-ўкраінскі канфлікт літаральна праз 15 сэкундаў. Прычым спрачацца давялося вельмі шмат.
Само па сабе мясцовае насельніцтва спакойнае, лічыць, што нічога надзвычайнага побач зь імі не адбываецца. То бок тое, што ім па тэлевізары паказваюць, яны прымаюць за чыстую манэту, хоць у спрэчках нічым ня могуць крыць у прынцыпе, апроч як тэлевізійнымі тэгамі — бах, бах, бах. Што«Россия-24» ім у вушы ўклала, тое яны і вяшчаюць: вінаватыя амэрыканцы, вораг Абама, мы ўсіх парвем, наша краіна самая моцная. А лужыну перад крамай закапаць ня могуць.
Што прымусіла выправіцца ў добраахвотнае падарожжа за тысячы кілямэтраў? Андрэй Кабанаў кажа, што перш за ўсё хацелася на ўласныя вочы пабачыць, чым жывуць народы краінаў, якія фактычна знаходзяцца ў стане неабвешчанай вайны. У любым разе такая прыгода дазволіла зрабіць пэўныя высновы:
«Скажам так, цікаўнасьць. Мне самому было цікава. Я досыць моцна манітору, што адбываецца на ўкраінскай тэрыторыі. У Кіеве быў, іншыя месцы аб’яжджаў, дзе працуюць валянтэры, дзе адзін аднаму дапамагаюць. Іншымі словамі, з боку Ўкраіны ўсё бачу, разумею рэакцыю народа. Хацелася сустрэць людзей зь іншага боку лініі фронту, прайсьці па тылах. І як толькі выпала такая магчымасьць, я не адмовіў сабе ў такой прыемнасьці, сеў за руль і паехаў.
Пра ўражаньні збольшага расказаў. Калі падсумаваць, то да цывілізаванага сьвету Расеі ніколі не дацягнуцца. Некалькі пакаленьняў — тры, чатыры, а можа і пяць — павінны сысьці, каб там нешта зьмянілася.
Усё ляціць у тартарары. Магчыма, нейкая так званая Расея і жыве ў Маскве ці Піцеры. А што да ўсіх тых раённых, абласных цэнтраў, супастаўных па насельніцтве з нашымі Баранавічамі (пра Горадню ці Віцебск увогуле маўчу), дык нашы гарады нашмат выгадней адрозьніваюцца і па інфраструктуры, і па лягістыцы. Па вялікім рахунку, на крок, а то і на два мы наперадзе».
Комментариев нет:
Отправить комментарий